Аздараўленчы лагер “Юныя патрыёты” 20.06.2023

20.06.2023

Вельмі цікава і насычана прайшоў чарговы дзень для выхаванцаў аздараўленчага лагера "Юныя патрыёты".

Рабяты адправіліся на экскурсію па маршруце аг. Кашалёва - ДЛДУ "Навагрудскі лясгас" - г.Баранавічы - в. Свіцязь – аг. Кашалёва.

 Наведаўшы ДЛДУ “Навагрудскі лясгас”, дзеці даведаліся шмат цікавага пра лясную гаспадарку, пра тое, як шмат трэба ўкласці працы і часу, каб вырасла дарослае дрэва, а таксама аб безадходнай перапрацоўцы драўнянай сыравіны. Выхаванцы з цікавасцю агледзелі мінідэндрапарк на тэрыторыі Навагрудскага лясніцтва, зазірнулі і ў цяпліцы. Лесавод Вераніка Рабая расказала і паказала, як вырошчваецца дэкаратыўна-пасадачны матэрыял не толькі для патрэб лясгаса, але і на продаж для жыхароў горада і раёна. Калі меркаваць па ўражаннях выхаванцаў, экскурсія ім прыйшлася даспадобы. Цяпер яны дакладна ўсвядомілі, якая важная і складаная праца ў лесаводаў.

Даведацца пра гісторыю горада і наведаць музей паравозаў – з такой мэтай адправіліся рабяты на экскурсію ў Баранавічы. У музеі чыгункі пад адкрытым небам дзеці ўбачылі некалькі дзясяткаў лакаматываў, пасажырскіх і грузавых вагонаў, паравозаў і іншай чыгуначнай тэхнікі. Экспазіцыю называюць візітнай карткай горада. У музеі шмат інтэрактыўных элементаў. Тэхніку можна не проста паглядзець, але і пабываць усярэдзіне яе, адчуць сябе машыністам, стоячы ў правага крыла лакаматыва. Рабятам вельмі спадабалася катацца на ручной дрызіне.

Вяртаючыся з горада Баранавічы, мы, вядома, наведалі возера Свіцязь. Надвор'е не падвяло. Рабяты пакупаліся, пазагаралі і выдатна правялі час.